Спецпраект "91"

Юры Дракахруст Пра беларускую незалежнасць

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст – палітычны аглядальнік “Радыё Свабода”. Працаваў у Акадэміі навук і Незалежным інстытуце сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў.

Бадай, у кожнага псеўдаінтэлектуала ёсць некалькі куміраў-інтэлектуалаў, якіх ён свядома ці несвядома мімікруе. У маім выпадку гэта Юры Дракахруст. Падаецца, што няма чалавека ў нашай краіне, які б лепш разумеў беларускую незалежнасць, самую важную тэму для нас. Бо ў рэшце рэшт, кім бы мы былі, каб не нашая незалежнасць? Менавіта таму ў гэтай размове з Юрыем Дракахрустам мы паглыбляемся ў 1990-ыя, сваіх “рускіх дэманаў” і беларускі лёс.

ад Рыгора Астапені

Як кавалася незалежнасць

Напрыканцы 1980-ых амбівалентнае стаўленне да незалежнасці было ва ўсіх: ад, умоўна кажучы, Зянона Пазняка праз апошняга бамжа да сакратара ЦК. У 1990-ым годзе, калі прымалі Дэкларацыю аб незалежнасці, ніхто з камуністаў, прысутных у зале, не выступіў супраць суверэннасці. З аднаго боку, яны думалі “гэта нейкая паперка, за якую мы тут галасуем па загадзе ЦК КПСС”, а з іншага боку – “а такі магчыма”.

Незабыўны Мікалай Дземянцей у размове з дэпутатамі БНФ сказаў: “Хлопцы, будзе ў нас поўны суверэнітэт, але ніякай незалежнасці”. У беларускай савецкай наменклатуры была такая логіка: усе падаткі мы аддаем у Маскву, па любым пытанні ездзім у Маскву, як асталопы стаім у чарзе разам з узбекамі, літоўцамі, і нам усё загадваюць. Чаму мы не можам кіраваць самі?


Гэта не была выражаная неабходнасць у сваёй незалежнасці, сваім сцягу ці войску.

ЮРЫ ДРАКАХРУСТ

Гэта былі аўтанамісцкія інтэнцыі беларускага істэблішменту – калі б не яны, я не выключаю, што незалежнасці і не было б. Гэтак людзі даспявалі да суверэннасці.

Прыгожая карцінка таго, што была група герояў, якая супрацьстаяла савецкаму бетону, і яна ў яго выйграла, не супадае з рэчаіснасцю. Не было бетону, а былі размовы накшталт: “А чаму ў нас не можа быць свайго рэспубліканскага гаспадарчага разліку, чаму мы павінны карміць туркменаў ці яшчэ некага?”

Адныя з прыладаў незалежнасці – размыванне агульнасавецкага адзінства і самаперакананне, што з незалежнасцю будзем жыць добра. Цяпер мы бачым гэта на прыкладзе Каталоніі. Ідэя была такая: мы будзем мець усё тое, што мы маем у межах Савецкага Саюза, але будзем мець і яшчэ нешта. Тады абмяркоўвалася, чаму мы павінныя плаціць 3 мільярды ў саюзны бюджэт. А тое, што тады літр мінеральнай вады каштаваў столькі, колькі літр нафты, выносілася за дужкі, і лічылася, што так яно і будзе. І толькі калі цэны змяніліся, высветлілася, што балансы могуць быць і іншымі.

Адбылася не столькі страта дабрабыту, якая, дарэчы, кранула не ўсіх, але і страта сэнсаў. Увогуле, хто мы, што мы, дзеля чаго мы жывем? Савецкі Саюз быў ідэалагічнай краінай – там мы будавалі камунізм.


Калі ж мы сталі незалежнымі, стала незразумела, што мы будуем, куды мы ідзем.

ЮРЫ ДРАКАХРУСТ

Калі страціліся ідэалагічныя сэнсы жыцця, гэта быў моцны шок для многіх людзей.

Варта прыгадаць “Час сэканд-хэнд” Святланы Алексіевіч. Адзін з герояў кнігі, былы афіцэр, які стаў прадпрымальнікам, кажа, што цяпер ён мае больш грошай, чым калі быў камандзірам роты, але тады ён ведаў, дзеля чаго жыў, цяпер жа не ведае. Гэта быў дадатковы шок, асабліва адносна беларусаў. Ва Украіне і краінах Балтыі было аўтэнтычнае імкненне да незалежнасці не толькі як сродак разбагацець, а таму што “мы ўсведамляем сябе нацыяй, чымсьці асобным ад Расіі”. У Беларусі гэта было не надта выражана ў аўтэнтычнай форме, і таму, магчыма, гэты шок ад “акупацыі незалежнасцю” аказаўся такім моцным.

Кропка пералому незалежнасці

Калі глядзець вачыма не беларуса, а вонкавага назіральніка, то можна сказаць, што над Беларуссю быў пастаўлены “чысты эксперымент”: давайце дадзім незалежнасьць народу, які яе не прагне, паставім на чале чалавека, які гэтую незалежнасць на дух не прымае, і паставім пытанне, ці захаваецца незалежнасць? Як відаць, незалежнасць захаваецца. Гэты чалавек, проста захоўваючы сваю ўладу, пачынае рабіцца незалежнікам. Але гэты пералом – не момант і не кропка, а працэс.

Можна сказаць, што аднымі з такіх кропак сталі саюзныя дамовы Беларусі і Расіі. Лукашэнка спрабаваў, магчыма, і шчыра верыў, што гэта ператворыцца ў рэінтэграцыю, што, можа, яму і Крэмль адломіцца, але нават унутры гэтых дамоваў узнікалі пэўныя перашкоды. Напэўна, апошняй перашкодай быў праект Дамовы аб Саюзнай дзяржаве, з якога паводле патрабавання Беларусі былі знятыя некаторыя інстытуцыйныя рэчы.

Канчатковай кропкай пералому стаў прыход Пуціна – чалавека не з такім бэкграўндам, як Ельцын, без віны за Белавежскую пушчу, які пазбавіў Лукашэнку магчымасці прыйсці ў Крэмль. Асаблівы быў кейс 2002 года, калі Пуцін злавіў Лукашэнку ў пастку і сказаў: “Аляксандр Рыгоравіч, вы 10 гадоў кажаце, што хочаце мець больш шчыльныя стасункі з Расіяй, давайце ўтворым з Беларусі 6 губерняў”. І Лукашэнка, натуральна, адмовіўся. У той момант эвалюцыя вызвалення ад “акупацыі незалежнасцю” скончылася. Мы пачалі гаварыць, што мы незалежная краіна і будзем незалежныя надалей. А яшчэ пазней мы пачалі казаць, што гэта наша вялікая каштоўнасць.

Пра нас, Расію і Савецкі Саюз

Нейкая мадэль нацыябудавання ў Беларусі, безумоўна, рэалізавалася, бо казаць, што Беларусь стала проста Расіяй, язык не паварочваецца. Гэтая мадэль паўстала перадусім з досведу БССР: мы з Расіяй як бы разам, але і ў той жа час крышачку асобна. Можна правесці нейкую аналогію з сярэднявечнымі мадэлямі: ёсць Рымская імперыя, а мы – герцагства ўнутры яе.


Так і тут: мы беларусы, але мы і савецкія, мы як бы рускія і не рускія. На вось гэтай амбівалентнасці ўсё ў нас і збудавана.

ЮРЫ ДРАКАХРУСТ

Акрамя таго, адзін з момантаў, які шмат дзе прасочваўся ў Лукашэнкі, асабліва на пачатку 1990-ых: наша права на незалежнасць тлумачыцца тым, што мы засталіся вернымі Савецкаму Саюзу, а Расія яму здрадзіла; мы чыстыя, мы белыя, таму што мы чырвоныя, мы белыя, а яны – не. І гэта шмат у чым праяўляецца. Нават тое, што ў 2006-ым годзе, калі будавалі Нацыянальную бібліятэку, вобразы Леніна і Сталіна былі ўжытыя як сімвалы нашага народа. Такога не казаў ні Ельцын, ні Пуцін, ні Назарбаеў, ні Карымаў.

Пасыл усіх нашых “войнаў” з Расіяй, такіх як газавая, нафтавая, харчовая – “тлустыя каты, капіталісты рабуюць нас беларусаў, народ сацыялістычны”. Гэта не рускі народ нас рабуе, а капіталізм, якому яны прысягнулі, а нашай з імі аўтэнтычнай мінуўшчыне яны здрадзілі, а мы засталіся вернымі. І адсюль формула: “мы рускія са знакам якасці”. Не ў сэнсе крыві, а ў сэнсе таго, што мы верныя, а яны – не.

Ці станем мы заходняй краінай

Цяпер Беларусь трасфармуецца, сказаць дакладна ў што – дастаткова складана. Савецкі Саюз адыходзіць для тых людзей, якія жылі ў той час, а для маладога пакалення, для вас, гэта і ўвогуле “пунічныя войны” ці штосьці такое даволі далёкае. Гэта прынамсі не грэе душу.

Нацыянальна-дэмакратычны дыскурс, назавем яго БНФаўскім, не знік. “Зернеткі засохлыя былі” – гэта зусім не значыць, што яны адсутнічаюць. Часткова, але ў большай ступені, чым у 1990-ыя гады, яны пачынаюць убудоўвацца ў афіцыйны дыскурс.


Вельмі асцярожна і акуратна прымаюцца рэчы, якія 15-20 гадоў таму здаваліся выдумкай Пазняка.

ЮРЫ ДРАКАХРУСТ

Напрыклад, лічылася, што мы – рускія людзі, а ВКЛ быў акупацыяй з боку літоўскіх фэадалаў. А цяпер на першай сцэне балет “Вітаўт”, школьнікаў вучаць, што ВКЛ была беларускай дзяржавай.

І робіцца гэта ўсё павольна. Зразумела, можна даць параду Аляксандру Рыгоравічу – пераходзіць у накірунак нацыянальна-дэмакратычнага дыскурсу. І калі б хтосьці прыйшоў да Лукашэнкі з такой прапановай, ён бы, напэўна, сказаў: “Ідэя харошая, прыгожая! Але што мы будзем рабіць з “рускімі дэманамі,” якія жывуць у душы беларусаў? А калі я зраблю ўсё тое, што вы прапануеце, ці не стане рэакцыяй значнай часткі беларусаў, якой дарэчы цяпер няма: калі вось гэта Беларусь, то мы рускія, прабачце”. А калі частка беларусаў скажа, што яны рускія, то мы на прыкладзе суседзяў ведаем, у што гэта можа ператварыцца, асабліва пры дапамозе танкаў.

Як не дзіўна, калі казаць пра інтэграцыю ў Еўрасаюз, то парадокс палягае ў тым, што лукашэнкаўская мадэль – мадэль грамадзянскай нацыі, яна ў гэтым сэнсе падобна да мадэлі савецкага народа. Савецкая мадэль у рэшце рэшт прайграла, яе разарвалі нацыяналізмамі, але мадэль Лукашэнкі – на гэты капыл. І тыя мадэлі, якія цяпер з’яўляюцца ідэальнымі, узорнымі ў Еўропе, яны менавіта такія – у Еўропе вельмі не любяць этнічных нацый. У гэтым сэнсе, як ні дзіўна, Беларусь магла б упісацца ў кантэкст Еўрасаюза, магчыма, нават лепш, чым многія многія іншыя.

Наша нацыя і наш лёс

Мне вельмі падабаецца ідэя Рэнана: “Нацыя – гэта не мова, не кроў, і нават не гісторыя. Нацыя – гэта агульны лёс”. Напрыклад, мінулым летам у нас была дэнамінацыя, а ў расейцаў ці ўкраінцаў не было; расейцы ваююць, а мы не ваюем.

У гэтым сэнсе была цікавай рэакцыя менавіта соцыуму, супольнасці на вайну ва Украіне. Маўляў, мы за Расію, але на пытанне, “калі Расія пойдзе вызваляць Данбас, ці даць ёй калідор праз Беларусь”, адказ быў адмоўны, “бо гэта наша зямля”. Ці пытанне пра тое, што беларусы ваююць і на адным, і на іншым баку. Большасць сказала, што гэта не нашая вайна.

Адсюль паўстае выснова самавызначэння: мы ёсць тыя, чыёй гэта вайна не з’яўляецца. Паколькі жыццё працягваецца, такія выбары на розных ростанях – гэта і ёсць нацыя. Урэшце, нацыя – гэта не сінонім дабра і прыгажосці. Нацыя – гэта адзінства, і ў гэтым сэнсе адзінства было.

Хоць дзеліць нас геапалітычны выбар: куды мы пойдзем – туды альбо туды? Ён не прапарцыйны. На баку Усходу людзей значна больш. Гэта прапорцыя змянялася і змяняецца з цягам часу, але гэта не зусім жорсткі падзел: з аднаго боку “прарасійскія беларусы” застаюцца прарасійскімі. Але з другога перашкода, якая ўзнікла за апошнія гады незалежнасці, падштурхоўвае да высновы, што злівацца з Расіяй ужо не варта, што не па ўсіх пазіцыях мы з ёй супадаем.

Што датычыцца празаходняга вектара, паводле НІСЭПД, да 40 % прагаласавалі б “за” Еўропу, але 70 % апытаных адказалі, што культурна адносяць сябе больш да рускіх, чым да еўрапейцаў. То бок сярод 40 % тых, хто за Еўропу, ёсць частка, якія адчуваюць культурную блізкасць да Расіі.


Гэтыя падзелы выразныя, але гэта не бетонная сцяна.

ЮРЫ ДРАКАХРУСТ

Эвалюцыя ўладаў Беларусі заключаецца ў тым, што ў нас не існуе канцэптуальнай заходняй фобіі, якая існуе ў значнай частцы расійскага грамадства. У беларусаў так: мы крышачку і тыя, і тыя – у нас няма адчування таго, што Захад нам чужы. Нягледзячы на тое, што палітыка Беларусі не надта блізкая да Еўропы, але культурны бар’ер, што гэта нам чужое, значна ніжэйшы, чым у Расіі.

Напрыклад вакханалія вакол фільма “Мацільда” – не беларуская. А ў Расіі гэта апеляцыя да сур’ёзных базавых цывілізацыйных рэчаў, якая грунтуецца на моцным духоўным апірышчы. У Беларусі сваёй такой магутнай базы, дзякаваць Богу, няма.


Сэнсы, якімі мы жывімся, – гэта расійскія і заходнія сэнсы.

ЮРЫ ДРАКАХРУСТ

Неабходна сфармуляваць наш асобны пазітыўны сэнс, таму што цяпер ён гучыць прыкладна так: мы трошку Захад, трошку Расія, і ў той жа момант мы ні Захад, ні Расія. Кітаю для таго, каб сфармуляваць сябе, не патрэбны ўвесь астатні свет, бо ён фармулюе сябе з сябе – з Кітая. А нам, для таго, каб расказаць пра сябе, увесь час трэба гаварыць, што мы не Амерыка, мы не Еўропа, не Расія. Але пакуль ніхто так і не сфармуляваў гэты сэнс.

Дасягненні незалежнасці і яе незваротнасць

Калі браць ідэйны пласт, то вынік тут, канешне, не найлепшы. Але з боку практычнага пласта сітуацыя не самая кепская. Многія краіны (Украіна, Малдова, Грузія) мелі досвед сепаратызму. А ў Беларусі яго не было, нягледзячы на тое, што спробы былі (маю на ўвазе Палессе). Але тады беларуская эліта хітрасцю, заклікам да паляшуцкіх актывістаў далучыцца да агульнабеларускага дыскурсу раскатала гэты выклік у нуль.

Яшчэ цікавы прыклад – гэта міграцыйныя патокі 1990-ых гадоў. З аднаго боку, мы кажам, што беларусы зацюканыя, не любяць Беларусі і незалежнасці. Але куды былі скіраваныя ўсе міграцыйныя патокі? Людзі ехалі з Украіны, краінаў Балтыі, Казахстана, Узбекістана, Арменіі ў Расію – баланс быў на карысць Расіі. А вось з Беларуссю было інакш – з Расіі людзі ехалі ў Беларусь, беларусы вярталіся ў Беларусь. Яна аказвалася для іх такім магнітам, які цягнуў іх дадому.

Калі казаць пра інстытуты, то цяпер тут больш-менш пануе парадак. Ужо не назіраецца роспачы 1990-ых гадоў. Беларусь не failed state – так яе ніхто не называў, нават тыя, хто вельмі кепска ацэньвае яе парадкі. Некаторыя іншыя краіны так называюць. Калі ўявіць сабе вялікія змены, то вялікае значэнне будзе мець якасць кіроўнай эліты, наяўнасць пэўнай колькасці людзей, якія маюць досвед бюракратычнай працы, ведаюць, як складаюцца дакументы, як забяспечыць прыборку смецця з вуліц. З гэтага пункту гледжання ў Беларусі не вельмі жахлівая сітуацыя. Пэўная колькасць людзей ёсць, яны нікуды не знікнуць і пры любой палітычнай змене дзяржаўная праца будзе выконвацца.


Незалежнасць Беларусі – гэта незваротны факт.

ЮРЫ ДРАКАХРУСТ

Для гэтага ёсць гістарычны досвед – вельмі мала выпадкаў страты незалежнасці. Акрамя таго, гэта ўжо вялікі тэрмін – 26 гадоў. Нават калі ўявіць сабе замежныя ўварванні, калі ўявіць сабе самы змрочны сцэнар, калі Беларусь будзе гвалтоўна далучаная да нейкіх суседзяў, супрацьдзеянне на гэта раней ці пазней будзе.

Той жорсткі эксперымент, які паставіла над Беларуссю гісторыя – дайце ўладу “рамантыку імперыі”, ад якой гэта незалежнасць здабытая, і ў выніку нават такі “рамантык” змушаны збегам абставінаў будаваць незалежнасць. Таму я выключаю магчымасць страты незалежнасці. А ў выпадку, калі гэта будзе зроблена сілай, то незалежнасць усё адно пазней вернецца.

Праект “91” створаны дзеля таго, каб зразумець Беларусь. Гэта не толькі самы важны год мінулага стагоддзя ў нашай гісторыі, але і колькасць гутарак з найлепшымі беларускімі розумамі, якія мы апублікуем цягам найбліжэйшых гадоў.